Вітаем
ХХVІ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 27 верасня (панядзелак) – успамін святога Вінцэнта дэ Поля, святара 29 верасня (серада) Урачыстаць св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны. У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.
ХХІV Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 13 верасня (панядзелак) успамін Св. Яна Залатавуснага (Хрызастома), біскупа і доктара Касцёла Святы Ян Залатавусны (Хрызастом) нарадзіўся ў Антыёхіі (Сірыя) каля 350 г. У васемнаццацігадовым узросце прыняў хрост і пачаў жыць як пустэльнік. Дзесяць гадоў суровай аскезы аслабілі яго здароўе, а таму ён быў вымушаны пакінуць пустэльніцкае жыццё і праз нейкі час распачаў служэнне дыякана пры тагачасным біскупе Антыёхіі. Яшчэ праз некалькі гадоў Ян прыняў святарскае пасвячэнне. Слава пра яго надзвычай красамоўныя казанні выйшла далёка за межы Антыёхіі, а самога Яна пачалі называць Хрызастомам, што ў перакладзе з грэцкай мовы азначае «Залатавусны». У 397 г. Ян становіцца патрыярхам Канстанцінопаля. Ён адважна выкрывае заганы і празмерную раскошу, што пануюць пры імператарскім двары, і заклікае моцных гэтага свету да сціпласці. У выніку шматлікіх інтрыг Яна змясцілі з патрыяршага пасаду і выслалі на выгнанне ў Арменію. Пазней яму, ужо моцна хвораму, загадваюць перабрацца ў Пітыунт (Піцунда) ля падножжа Каўказа. Як і разлічвалі яго непрыяцелі, Ян не перажыў гэтага падарожжа і памёр 14 верасня 407 г. Яго апошнімі словамі былі: «Божа, будзь праслаўлены за ўсё». Цела святога спачывае ў Рыме каля гробу святога Пятра. Ян Залатавусны з’яўляецца найбольш знакамітым доктарам усходняй Царквы. Папа Пій Х абвясціў яго апекуном прапаведнікаў.
ХХІІІ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 8 верасня (серада): СВЯТА НАРАДЖЭННЕ НПМ Святкаванне нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі нясе глыбокі тэалагічны змест. Нараджэнне Марыі было непасрэдным прадказаннем надыходу Збавіцеля. Айцы Касцёла казалі, што Марыя папярэднічае прыходу Месіі, таксама як і прыход світання абяцае поўны бляску дзень. Гэта свята нагадвае нам аб тым, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць яна і захоўвалася ад заразы граху, аднак праз усё жыццё мела вольную волю і не была нічым абмежавана. Як і кожны з нас, яна мела бацькоў, цешылася, дапамагала ім ва ўсіх справах, а таксама мела сяброў і родных. Аднак яе давер, паслухмянасць і поўны свядомасці адказ Богу «так» учынілі, што словы з гімна Magnificat «хваліць яе будуць усе пакаленні» актуальныя і сёння.
ХХІІ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 3 верасня (пятніца): Успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы. Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.
ДМХ «Адзіныя сэрцам» разам вандруюць па Гродзенскай вобласці
З 17 па 20 жніўня юнакі і дзяўчаты з Душпастырства Моладзі Хрыста «Адзіныя Сэрцам» на чале з ксяндзом Уладзімірам Марушэўскім SChr вандравалі па неверагодных мясцінах Гродзеншчыны.
ХХІ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем: 24 жніўня (аўторак): Свята Святога Барталамея, апостала Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах. 26 жніўня (чацвер): Успамін НПМ Чэнстахоўскай
У парафіі пачынае служэнне сястра Назарыя Міклаш CSFN
Разам с сястрой Мар'янай Алешчык CSFN яна будзе складаць мясцовую супольнасць сясцёр назарэтанак. 15 жніўня на святой Імшы сястру Назарыю сардэчна прывіталі парафіяне. Сястра Назарыя родам з Гродна (Дзевятоўка), апошняе яе месца служэння было ў Наваградку. У нашай парафіі сястра будзе займацца катэхезай і выконваць іншыя абавязкі.
ХХ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць. На гэтым тыдні прыпадаюць: 20 жніўня (пятніца) Успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла Нарадзіўся ў 1090 г. у Бургундыі (Францыя). У 1112 г. разам з чатырма з пяці сваіх братоў і яшчэ трыццацю паплечнікамі распачаў манаскае жыццё ў цыстэрцыянскім кляштары ў Сіто. Дзякуючы яму гэтая манаская супольнасць стала вельмі хутка развівацца, і праз тры гады Бэрнард узначаліў заснаваны ім кляштар у Клерво. Бэрнард меў сувязі з многімі выдатнымі асобамі таго часу, сярод якіх былі Папы і каралі, і набыў вядомасць як цудоўны прапаведнік, што заклікаў да крыжовых паходаў. Усяго ён заснаваў 69 цыстэрцыянскіх фундацый і, ведучы аскетычнае манаскае жыццё, адмаўляўся ад любых пасадаў, якія яму прапаноўвалі. Бэрнард, у жыцці якога было нямала фізічных і духоўных пакутаў, шмат падарожнічаў па розных краінах. Ён памёр 20 жніўня 1153 г. у Клерво, дзе і быў пахаваны. Бэрнард, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў ордэна цыстэрцыянцаў, сваім жыццём увасобіў ідэал манаха і быў адной з самых яркіх постацяў Касцёла ў Сярэднявеччы. Заступніцтва святога Бэрнарда Клервоскага просяць пры дзіцячых хваробах, пры хваробах жывёлы, падчас бураў і навальніцаў, а таксама ў хвіліну смерці. Святы лічыцца апекуном пчаляроў і пчолаў.
ХVІIІ Нядзеля звычайная 2021
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні прыпадаюць:
- 4 жніўня (серада) – успамін св. Яна Марыі Віянэя, прэзбітэра
- 6 жніўня (пятніца) – свята Перамянення Пана
- Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
- Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
- Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Адбылася другая парафіяльная пілігрымка на роварах да Маці Божай Будслаўскай
У гэтым годзе склад удзельнікаў пашырыўся. 1 ліпеня з Мінска на роварах выехала 16 чалавек, якія паспяхова дабраліся да Будслава: без рамонтаў і траўм. Узрост удзельнікаў быў самы розны — старэйшаму было 58 гадоў, але большасць пілігрымаў усё ж складала моладзь.
Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.




