Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, а таксама за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

11 чэрвеня (чацверг) — успамін св. Барнабы, апостала.

12 чэрвеня (пятніца) — Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Урачыстасць не з’яўляецца “абавязковай”. Вернікі не маюць абавязку ўдзелу ў Святой Імшы, а таксама абавязку ўстрымання ад выканання неабавязковай працы.
Сёння вернікаў не абавязвае абавязак устрымання ад спажывання мясных страваў.
Святая Імша — а 7:00, 12:00 і 19:00.

13 чэрвеня (субота) — успамін св. Антонія, прэзбітара і доктара Касцёла.

1. Нагадваем, што з 1 чэрвеня ў нашай капліцы змяніўся расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні Святая Імша будзе а 19:00, а ў нядзелю — а 9:00, 10:30, 12:00, 19:00.

2. У чэрвені штодня запрашаем на чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса а 18:30 (у нядзелю таксама а 18:30 — перад Святой Імшой а 19:00).

3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна самастойна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

4. Згодна з распараджэннем Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, у нашай архідыяцэзіі праводзіцца акцыя “Дар сэрца для парафій у патрэбе”, мэтай якой з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятываў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіі. У сувязі з гэтым усе ахвяраванні, якія будзем складаць у скарбонку каля канфесіянала, пазначаную адпаведным плакатам, будуць прызначаныя на гэтую мэту. Акцыя трывае да 6 жніўня. Дзякуем за кожнае ахвяраванне!

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.