Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, дзякуем за вашую дапамогу і служэнне на карысць парафіі і за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.
1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна самастойна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.
2. У сераду адбудзецца чарговая катэхеза для дарослых, а ў чацвер пасля вечаровай Святой Імшы а 19:30 запрашаем на школу малітвы – гэта адмысловыя катэхезы для паглыблення духоўнага жыцця і пазнання розных формаў малітвы паводле хрысціянскай духоўнасці. Сардэчна запрашаем!
3. У маі штодня запрашаем на ”Маёвае набажэнства” да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18.30. У нядзелю пасля Імшы а 18 гадзіне.
4. Паважаныя бацькі, адкрываем запіс на Канікулы з Богам 2026 для нашых дзяцей. У гэтым годзе летнік адбудзецца ў Будславе для 1-4 класа (7-12 чэрвеня) і для 5-7 класа (14-18 чэрвеня). Запісацца можна да 24 мая. Анкету можна надрукаваць дома або ўзяць у сакрыстыі. У маі будзе створана ў тэлеграме група бацькоў, дзеці якіх паедуць на летнік. Там будзе пададзена дата бацькоўскага сходу перад выездам.
Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

