З 11 па 14 снежня ў нашай парафіі адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі. «Вера — арыенцір духоўнага жыцця», — так гучала тэма, над якой разам з парафіянамі разважаў ксёндз-рэкалекцыяніст Павел Скуба, куратар прапедэўтычнага курса ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
У чацвер, 11 снежня, была арганізавана асобная катэхеза для моладзі. Юнакі і дзяўчаты высока адзначылі гумар, разважлівасць і адкрытасць ксяндза Паўла, які не абмяжоўваўся толькі запрапанаванай тэмай, а яшчэ і расказаў маладым людзям пра свой шлях жыцця і паклікання.








Вечарам пятніцы рэкалекцыі пачаліся ўжо для ўсіх парафіянаў, катэхезы адбываліся таксама ў суботу і на кожнай нядзельнай Святой Імшы. Стараннямі ксяндза Паўла былі арганізаваны катэхезы для мужчын і дзяцей, праз яго паслугу шмат людзей паядналася з Панам праз сакрамэнт споведзі. Нягледзячы на тое, які кароткі час у нашай парафіі правёў дарагі госць, ягоная дзейнасць падрыхтавала глебу для плённага перажывання Адвэнту і знайшла водгук у шматлікіх маленькіх і вялікіх сэрцах. Гэта таксама адзначыў ксёндз пробашч Андрэй Лысы, дзякуючы ксяндзу Паўлу за праведзеную навуку, і нашыя парафіяне, якія выказалі сваю пашану словамі і падарункамі. У сваю чаргу ксёндз Павел падзякаваў айцам хрыстусоўцам за гасціннасць, а парафіянам — за ўвагу і адкрытасць на разважанні, адзначыўшы таксама тое, што няма для святара большай радасці, чым тая, калі думка, якою ён дзеліцца з іншымі, знаходзіць водгук і прыносіць плёны.













