Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Дарагія парафіяне, шаноўныя госці!
Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне, таксама дзякуем за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

26 мая (панядзелак) — успамін святога Філіпа Нэры, прэзбітэра.

29 мая (чацвер) — урачыстасць Унебаўшэсця Пана.
Гэта “абавязковая” ўрачыстасць, таму вернікі маюць абавязак удзелу ў Святой Імшы, а таксама павінны ўстрымацца ад выканання неабавязковай працы.
Святая Імша — а 7:00, 12:00 і 19:00.

31 мая (субота) — Свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

1. У маі штодня запрашаем на маёвае набажэнства да Найсвяцейшай Марыі Панны а 18:30. У нядзелю — пасля Імшы а 18 гадзіне.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна запісаць у сшытку. А ў кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. У сераду пасля вечаровай Святой Імшы адбудзецца апошняя катэхеза для дарослых. Працяг катэхетычных спатканняў — у верасні.

4. Нагадваем, што з 1 чэрвеня ў нашай капліцы змяняецца расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні Святая Імша будзе а 19:00, а ў нядзелю — а 9:00, 10:30, 12:00 і 19:00.

5. 31 мая ў Будславе адбудзецца святкаванне Сусветнага дня дзіцяці, якое ў гэтым годзе спалучана са штогадовым спатканнем першакамунійных дзяцей. Запрашаюцца дзеці з усіх дыяцэзій! Выезд у суботу 31 мая а 8:00, кошт за аўтобус — 30 руб. для дарослых, 20 руб. — для дзяцей. Кошт пакету ўдзельніка (дзіця) — 15 руб. Дзеці, якія едуць без бацькоў, патрабуюць пісьмовы дазвол, форму якога можна ўзяць у закрыстыі.

6. У нядзелю 15 чэрвеня плануецца правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску. Пачатак — а 9:00 на Залатой Горцы.

7. Арганізуецца дыяцэзіяльная пілігрымка ў Рым 17–25 кастрычніка. Усіх зацікаўленых просім запісацца па нумары, які знойдзем на дошцы аб'яваў.

8. Наша парафія прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю. Шчыра дзякую ўсім заснавальнікам (“учредителям”), хто складаў свае подпісы. Чарговым этапам паводле Устава з’яўляецца аднаўленне “старой” ці скліканне “новай” парафіяльнай рады и скліканне рэвізійнай камісіі. Прашу адгукнуцца ўсіх, хто належыць да парафіяльнай рады, каб зразумець актуальную сітуацыю.

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі, Маці надзеі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.