У нядзелю 22 кастрычніка ва літургічны ўспамін святога Папы Яна Паўла ІІ у нашай парафіі быў устаноўлены новы пробашч — кс. Андрэй Лысы SChr.
Урачыстую Святую Імшу ўзначаліў дэкан дэканата Мінск-Захад ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Кс. Уладзіслаў падкрэсліў выключнасць сітуацыі змены пробашча ў парафіі адначасова з адсутнасцю неабходнасці развітвацца з мінулым пробашчам. Ксёндз Алег Шпець SChr працягне служэнне ў парафіі ў функцыі вікарыя.
У сваёй Гаміліі віцэ-дэкан ксёндз канонік Францішак Рудзь засяродзіўся на словах Езуса, Які заклікае аддаваць Божае Богу. Таксама кс. Францішак падзякаваў ксяндзам хрыстусоўцам за цёплыя суседскія адносіны і ўзаемадапамогу, пажадаў ксяндзу Андрэю быць чуйным пастырам сваёй парафіі.
Напрыканцы Святой Імшы дзеці, моладзь і дарослыя выказалі свае словы ўдзячнасці ксяндзу Алегу за 9 гадоў клапатлівага служэння ў функцыі пробашча, а ксяндзу Андрэю склалі свае зычэнні на час новага этапу пастырскага служэння ў сталічнай парафіі.
Кс. Андрэй у сваім слове да духавенства і парафіянаў падкрэсліў, што на яго рукі перададзена парафія, якая працуе як зладжаны механізм, а сваёй задачай як пробашча назваў не зламаць механізм, а толькі месцамі алеем змазаць шасцярэнькі. Кс. Алег шчыра адудзячыў сваім сабратам, сёстрам назарэтанкам і ўсім парафіянам за малітву і супрацоўніцтва, а таксама выказаў надзею на новыя гарызонты развіцця парафіі.
Пасля заканчэння святочнай Літургіі ва ўсіх прысутных была магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Яна Паўла ІІ з нагоды гадавіны урачыстага ўнясення рэліквій у капліцу.
Ад імя рэдакцыі сайта jan.by дзякуем кс. Алегу за адкрытасць, аказаную падтрымку і благаслаўленне; а кс. Андрэю жадаем Божай моцы і апекі Найсвяцейшай Панны Марыі на шляху вядзення нашай парафіі.