Сярод многіх груп і рухаў, якія існуюць у Касцёле, адным з найбольш вядомых з’яўляецца Жывы Ружанец. Жывы Ружанец — гэта супольнасць людзей, у склад якой уваходзіць 20 чалавек, якія штодзённа моляцца Ружанец: кожная асоба разважае адну таямніцу. Гэтыя супольнасці часта называюць «ружамі».

Святы Ян Павел ІІ пісаў: «Ружанцовая малітва — гэта малітва чалавека за чалавека; гэта малітва людской салідарнасці, супольная малітва адкупленых, у якой адлюстраваны дух і інтэнцыя Той, якая займае першае месца сярод адкупленых — Марыі, Маці і Вобразу Касцёла; гэта малітва за ўсіх людзей свету, усіх гістарычных часоў, жывых і памерлых, якія пакліканыя ствараць разам з намі Цела Хрыста і станавіцца разам з Ім спадкаемцамі хвалы Айца».

Ружанец — гэта евангельская малітва, бо ён не толькі складаецца з Малітвы Панскай і Анёльскага прывітання, але і пабудаваны на разважаннях над евангельскімі таямніцамі нашага адкуплення. Па гэтай прычыне Ружанец называецца пераказам найважнейшых праўдаў Евангелля. «У пабожнасці, таксама як і ў любові, не надакучыць часты паўтор адных і тых жа слоў, бо агонь любові, які нас распальвае, чыніць так, што яны заўсёды ўтрымліваюць штосьці новае», — пісаў Папа Пій ХІ. Разважанне над таямніцамі жыцця Марыі і Езуса дапамагае перажыць блізкасць Бога.

Тры нашыя супольнасці дарослых — ружа св. Антонія, ружа св. Кацярыны Сіенскай і ружа Маці Божай Фацімскай — з дапамогай святара вызначаюць агульную інтэнцыю, у якой кожны ўдзельнік руху моліцца на працягу месяца. Зазвычай гэта інтэнцыя звязана з жыццём нашай парафіяльнай сям'і. Кожную першую нядзелю месяца а 13.30 цэлебруецца Святая Імша за ўсіх удзельнікаў руху. Потым адбываецца сустрэча, мэтай якой — пашырэнне ведаў, а менавіта распазнанне таямніц Ружанца праз разбор Біблійных фрагментаў. Важнай часткай кожнай сустрэчы з'яўляецца супольная малітва за нашу парафію і асабліва за справы, звязаныя з будовай касцёла.

З цягам часу паўсталі тры супольнасці малодшых парафіянаў — ружа моладзі бл. Паўліны Жарыко, ружа моладзі св. Арханёла Габрыэля і ружа дзяцей св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Таксама існуе ружа мужчынаў св. Арханёла Міхала.

Каб далучыцца да руху або даведацца болей інфармацыі звяртайцеся да адказнай за супольнасць с. Юзэфы Канаевай CSFN (+375333104078).

Выкарыстаны матэрыялы з catholic.by

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.